элементы будынкаў і збудаванняў, вырабленыя з жалезабетону. Бываюць: маналітныя (фармуюцца ў апалубцы на месцы буд-ва), зборныя (састаўляюцца з асобных элементаў, папярэдне зробленых на спец. з-дах і палігонах) і зборна-маналітныя (спалучаюць зборныя элементы з маналітным бетонам, які ўкладваецца на буд. пляцоўцы); звычайныя (іх разнавіднасць — армацэментавыя канструкцыі) і папярэдне напружаныя канструкцыі; з стальной, шклапластыкавай арматурай і дысперснаарміраваныя (з фібрабетону); вібраўшчыльненыя, центрыфугаваныя, прасаваныя, вакуумаваныя, атрыманыя камбінаванымі спосабамі і інш.
Маналітныя канструкцыі выкарыстоўваюцца пераважна пры асабліва вял. нагрузках (фундаменты, каркасы і перакрыцці шматпавярховых прамысл. будынкаў, гідратэхн. аб’екты, пакрыцці аўтадарог, элементы мастоў, пуцеправодаў і інш.). Зборныя канструкцыі пашыраны пры індустр. буд-ве. Ідуць на фундаменты і падземныя часткі будынкаў і збудаванняў (фундаментальныя блокі і пліты, панэлі і блокі сцен падвалаў), на каркасы будынкаў (калоны, рыгелі, прагоны, падкранавыя бэлькі, фермы), на вонкавыя і ўнутр. сцены (сценавыя і перагародачныя панэлі і блокі), на міжпавярховыя перакрыцці і пакрыцці будынкаў (панэлі, пліты, насцілы) і інш.Зборна-маналітныя канструкцыі выкарыстоўваюцца гал. чынам у перакрыццях шматпавярховых будынкаў, у мастах і пуцеправодах, пры ўзвядзенні некаторых абалонак і інш. Іх ужыванне асабліва мэтазгодна пры вял. дынамічных нагрузках (у т. л. сейсмічных), а таксама з-за ўмоў транспартавання і мантажу. У канструкцыях выкарыстоўваецца ў асн. гнуткая арматура ў выглядзе асобных стрыжняў, зварных сетак і каркасаў. Акрамя падоўжнай арматуры ўстанаўліваецца размеркавальная мантажная і папярочная арматура (хамуты, адгіны), часам прадугледжваецца ўскоснае арміраванне ў выглядзе зварных сетак і спіралей. Для папярэдне напружаных канструкцый выкарыстоўваюць высокатрывалую стрыжнёвую арматуру і дрот, а таксама пасмы і канаты з яго; для электраізалюючых. каразійнаўстойлівых і інш. канструкцый спец. прызначэння — шклапластыкавую арматуру (стрыжні з шкляных нітак, аб’яднаных палімернымі кампазіцыямі).
Літ.:
Баженов Ю.М., Комар А.Г. Технология бетонных и железобетонных изделий. М., 1984;
Ахвердов И.Н. Технология железобетонных изделий и конструкций специального назначения Мн., 1993;
Проектирование железобетонных конструкций:, Справ. пособие. 2 изд. Киев, 1990.
М.М.Гурбо.
Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі: а — жалезабетонны блок (1 — бетон, 2 — арматура са стальных стрыжняў); б — папярэдненапружаны блок (1 — стрыжні пад нацяжэннем, 2 — стальныя трубкі); в — бэлька з вязаным арматурным каркасам (1 — асноўная рабочая арматура, 2 — хамуты, 3 — мантажная арматура); г — калона з вязаным арматурным каркасам (1, 2 — асноўная і папярочная арматура).Жалезабетонныя вырабы і канструкцыіа — жалезабетонны каркас прамысловага будынка (1 — фундамент; 2, 8 — калоны вонкавая і ўнутраная; 3 — фундаментная бэлька; 4 — сценавая пліта; 5 — падкранавая бэлька; 6 — пліта пакрыцця; 7 — бэлька пакрыцця); б — зборныя канструкцыі буйнапанэльнага жылога будынка (1 — фундаментны блок, 2 — пліта перакрыцця, 3 — нясучая панэль папярочнай сцяны, 4 — дахавая пліта, 5 — вонкавая сценавая панэль).